Home

Advertisement

Адам Глобус [entries|archive|friends|userinfo]
Адам Глобус

[ website | РОЗНАЕ ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

(no subject) [Jan. 6th, 2010|05:05 pm]
[Tags|]

2010. Мама і печаныя яблыкі

Мама адсвяткавала свой семдзесят шосты год жыцця. Пілося шампанскае. Я еў смажаную курыцу. Мама ўгаворвала мяне з’есці печаны яблык. Адмовіўся. У дзяцінстве я любіў печаныя ў духоўцы яблыкі, а цяпер не люблю. Мама забываецца на маю цяперашнюю не любоў да печаных яблыкаў і прапаноўвала іх тры разы за вечар.
Link2 comments|Leave a comment

дакумент 1982 год [Jan. 6th, 2010|03:01 pm]
[Tags|, ]

57.18 КБ

Графік Мікола Селяшчук з жонкай Томай.

Тома працавала сакратаркай у тэатральна-мастацкім інстытуце.
Тома любіла сухое чырвонае віно.
"Вова, у цябе штопар ёсць?" -- пытала ў мяне сакратарка Тома.
"Тома, я табе бутэльку сухога і алоўкам адкаркую!"

Фота [info]aliena_adamchyk
Link10 comments|Leave a comment

(no subject) [Jan. 5th, 2010|04:02 pm]
[Tags|]

2010. Генадзь і скула

Скула – мярзотная з’ява. Як скула сядзе, як пачне балець, як пачне торгаць, дык ты месца сабе не знаходзіш. А калі яна з’явіцца на дупе, дык і не сядзеш. У Генадзя скула выскачыла якраз на дупе, пад копчыкам. Тут не тое што не сесці, тут у прыбіральню не схадзіць. Давялося Генадзю ісці да хірурга. Той скулу разрэзаў, і разваліў ён скулу няўдала, ды так няўдала, што давялося яшчэ дзве аперацыі зрабіць. Хірург так моцна пашкодзілі сфіктэр, што той зусі перастаў сціскацца. Гной плыў і плыў з Генадзя безперапынна. Чалавек так змучыўся ад скулы і аперацый, што ўзяў вяроўку і задавіўся.
Link2 comments|Leave a comment

(no subject) [Jan. 4th, 2010|09:37 pm]
[Tags|]

2010. [info]ul_sciapan і курыва

Сцяпан сказаў мне, што кінуў курыць. Замест таго каб здзівіцца, я распавёў яму, што кінуў паліць на дзень раней. Мы не дамаўляліся кідаць курыць разам. У нас гэта выпадкова атрымалася. “Цяжка?” – пытаюся. “Цяжка! Але ніхто не паміраў ад таго, што кінуў паліць!” – “Канешне! Нашто паміраць, калі можна проста закурыць. Ніхто не паміраў, бо каб не памерці ад пакутаў, яны закурвалі. Яны закурвалі, а мы не закурым!” – “Не закурым! І ў нас хутка адкрыецца другое дыханне!” – “Сцёпа!”—“Што?” – “Сцёпа, у нас не адкрыецца другое дыханне, бо мы кінулі курыць з-за таго, што першае дыханне пачала сканчацца!” – “А я веру, што адкрыецца!” – “Вер! Ведаеш, калі я кідаў піць, я што раніцы бег у парку і думаў, што зараз вазьму і выбегу з сябе п’яніцы, я-п’яніца застанецца ў мінулым, а я цвярозы пабягу далей. І дапамагло! Цяпер я прыдумаў для сябе новы вобраз. Я не выбягаю з сябе, а пераступаю праз сябе курца. Я-курэц спыняецца і закурвае, а я пераступаю праз яго і іду сабе далей. Цяжка пераступіць пра я-курца, калі і ты сядзіш і ён сядзіць, даводзіцца ўставаць і сыходзіць. Усё хапіць пра цыгарэты, пайшлі на мароз!” – “Пайшлі! Мароз бадзёрыць, і на марозе меней хочацца закурыць…”
Link22 comments|Leave a comment

(no subject) [Jan. 3rd, 2010|10:00 pm]
[Tags|]

2001. Бацька і знак

Бацька заўважаў на людзях знакі смерці. Пацямнелыя пазногці, блякласць скуры на твары, патухласць вачэй, запаволенасць рухаў ён бычыў адразу. Яшчэ ніхто нічога не пабачыў, яшчэ сам чалавек не адчуў уласныя змены ў кепскі бок, а бацька ўжо казаў пра знак. Гэта даволі складана патлумачыць, бо недасведчаны можа паблытаць знак смерці з праяваю хваробы, якая ўсё ж лекуецца. Бацька мой дакладна прадбачыў і безпамылкова прадказваў чужую смерць. І маючы такую здатнасць, ён да апошніх імгненняў жыцця адмаўляўся бачыць знак смерці на сабе.
Link4 comments|Leave a comment

(no subject) [Jan. 1st, 2010|05:27 pm]
[Tags|]

2010-1990. Сыс і ноч

У рэдакцыі часопіса “Крыніца”, каля майго працоўнага стала паўсядзіць-паўляжыць паэт Сыс. Гучна грудным голасам ён абвяшчае: “Пяшчотны травень! Песня “Сівая ноч”!” Пасля працяглай паўзы зацягваецца: “І зноўку сівая ноч… І толькі ёй давяраю я…” Больш слоў Сыс не ведае. “Глобус, чаму ты не любіш гурт “Пяшчотны травень”, а ў ім працуеш? Чаму я люблю гурт “Пяшчотны травень”, а ў ім не працую!” – “Ты п’еш!” – “Дык і ты п’еш!” – “Чаму табе прапанавалі чытаць вершы на стадыёне, а ты адмовіўся?” – “Прапанавалі, бо, пэўна, ведалі, што адмоўлюся. Дзеля ветлівасці прапанавалі“. – “Каб мне прапанавалі выступаць з “Пяшчотным траўнем”, я б выступаў!” – “Я працую, а ты мне замінаеш…” – “Пайду!” – “Ідзі…” – “І зноўку сівая ноч… І толькі ёй давяраю я…” – грудны голас Сыса гучыць у калідоры. А сапраўды, чаму Сыс не працаваў у гурце “Ласкавы май”? Мусіць ён быў іншы, водар у яго быў іншы. У “Ласкавы май” хлопцы падбіраліся па водару. Наш ці не наш? Вырашалася імгненна. Я не ганаруся тагачасным сваім водарам, бо хлопцы ў “Ласкавам маі” пахлі не ружамі.
Link2 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 30th, 2009|10:49 pm]
[Tags|]

2009. Паліна і памяць

Памяць – тканіна тонкая. Неакуратна павернешся і парвеш, паспрабуеш латку паставіць, дык шво будзе глядзецца, як шнар на скуры. Таму і страшна гучаць словы “ён ад памяці пачаў адыходзіць”. Пра адыход ад памяці я згадаў, калі прачытаў напісанае Палінай: “…дык Сыс наогул не быў алкаголікам”. Прачыталася тое ў каментарах да дзённіка Алеся Козіка. Калі ў Козіка з памяццю заўсёды было дрэнна, дык Паліна Качаткова раней мела нармальную памяць. Але час, няўмольны і ўсёразбуральны час робіць сваю справу. Вось і Паліна забылася пра алкагалізм Анатоля Сыса. А мо і не забылася, а нязграбна па-бабску пачала прыхарошваць успаміны? Так яна ў свой час спрабавала прыхарошваць Максіма Багдановіча, хаваючы ягоны парнаграфічны дзённік. Цяпер узялася прыхарошваць Толіка. Але нават добры намер не апраўдвае адыход ад памяці, бо такі адыход – параза розума.
Link10 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 23rd, 2009|11:06 pm]
[Tags|]

2009. Вера Рыч і свабода

Сягоння ўночы памерла ў Лондане выдатная перакладчыца Вера Рыч. Яна шмат зрабіла для мяне асабіста, пераклаўшы на ангельскую мову аповесць "Смерць-мужчына", апавяданні з кнігі "Дамавікамерон" і верш пра свабоду:

Нарэшце маю свабодны вечар.
Усходзіць поўня над небакраем.
У ціхім парку, ля сьветлай рэчкі
З бутэлькай віскі
Адпачываю.


A free evening at last I’m given.
Full moon above the horizon’s climbing.
In quiet park, by the bright river,
With flask of whisky
I’m reclining.

Сумна...
Link12 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 23rd, 2009|12:14 am]
[Tags|]

2002. Лукашук і Брыль

З кім, калі не з радыё-журналістам варта паразважаць пра гукі ды галасы? Таму ў мяне і заводзіцца гутарка з радыйшчыкам Аляксандрам Лукашуком пра розныя галасы, шоргаты, шолахі, пагрукванні, перашэпты... Лукашук распавядае, як доўга ён не мог угаварыць Янку Брыля даць інтэрв’ю для амерыканскай “Свабоды”. Брыль тлумачыў сваё нежаданне запісвацца на радыё тым, што ён любіць уласныя словы запісваць на паперы. Лукашук настойваў і дамогся свайго; голас Янкі Брыля з’явіўся ў фанатэцы “Свабоды”. Можна патлумачыць паводзіны Брыля палітычнай асцярожнасцю і абранай у жыцці пазіцыяй нейтрала. Такое тлумачэнне шмат каго задаволіць, бо адлюструе большую частку Брылёўскай творчасці. Але мяне цікавіць іншае… Некалі даўно, на сустрэчы з маладымі паэтамі, што называлі сябе “Тутэйшыя”, дзядзька Янка загаварыў пра гук. Ён у хвіліну аравальнай шчырасці неабачліва прагаварыўся пра важкасць і важнасць гуку, які з’яўляецца ў тэксце. Ці зразумеў тады хто з нас Брыля? Хутчэй за ўсё, ніхто не зразумеў, бо наперадзе нас чакаў гоман нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі і гучнае абвяшчэнне суверэнітэту Беларусі. Палітычнае гарлапанства і вулічныя крыкі былі такімі аглушальнымі, што пачуць гучанне лірычнай прозы было проста немагчыма. Калі нейкі паўдурак, кшталту Пушкіна, роў немым голасам: “Беларусь без жыдоў і камуністаў!”, дык развагі Брыля пра музычнасць тэкстаў падаваліся недарэчнымі і несваечасовымі. Але гэта толькі здавалася, бо Брыль гаварыў нам пра самае істотнае ў творчасці. Ён казаў пра здатнасць пісьменніка слухаць, адчуваць і чуць. Паэт толькі тады паэт, калі ён чуе гук. Гэты гук з’яўляецца ў паэце і арганізоўвае плынь свядомасці. Без гука тэкст застаецца недааформлены і недаарганізаваны. Большасць літаратараў, не кажучы ўжо пра журналістаў і музыкантаў, імітуюць наяўнасць гуку фармальнай рытмікай. Ім здаецца, што можна паніжаючы ці павышаючы танальнасць, дамагчыся з’яўлення гуку. Шыш! Гук праяўляецца толькі ў абраных. Ягонае праяўленне небяспечнае і разбуральнае. Калі ты пачуеш формаўтваральны гук, найлепшае, што можна зрабіць – забараніць сабе, хоць бы на нейкі час, запісваць пачутае. Можа і ўратуешся… Можа і… Мо…
Link18 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 22nd, 2009|08:11 pm]
[Tags|]

2009. Жанчына і мароз

Яна стаяла на аўтобусным прыпынку і спявала. Мароз быў такі моцны, што жанчына спявала з закрытым ротам. Яна хітала галавою ад аднаго пляча да другога і мыкала: “Мммы-ы-ы… Мы, мы, мы…” Акром жанчыны на прыпынку нікога не было, калі не лічыць мяне, які праходзіў побач. Мяне і сапраўды не трэба залічваць у прысутныя, бо я не адгукнуўся на жаночае мыканне. Жанчына зазірала мне ў вочы і спявала, а я думаў, што варта апісаць самотную спявачку на цёмным зімовым прыпынку. Я думаў чорт ведае пра што, замест таго каб адгукнуцца.
Link2 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 21st, 2009|08:50 pm]
[Tags|]

1972. Маня і вайна

“Ня ўсіх дурных вайна пабіла!” – казала баба Маня Кісель, калі нехта з яе ўнукаў рабіў шкоду. Больш беларускага, больш нашага, больш жаночага стаўлення да вайны я ніколі ня чуў.
Link16 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 18th, 2009|10:53 pm]
[Tags|]

2009. Пэлька і падлюбліванне

Пэлька любіла аднаго, а падлюблівала другога.
Link8 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 18th, 2009|10:09 pm]
[Tags|]

2009. Іваноў і Расія

Мароз такі, што за хвіліну робішся нібыта шкляным. Здаецца, зачапіся ты за нешта і разаб’ешся, і рассыплешся на востравугольныя аскепкі.

У вечаровых Ашмянах пуста і чыста. У марознай чысціні зіхацяць разнакаляровыя лямпачкі навагодніх гірляндаў. Касцёл, царква і прывакзальны пляц падсветлены белымі пражэктарамі. Неба бяздонна-чорнае.

З нейкай настойлівай пастаяннасцю ў гэтым месцы мне згадваюцца словы масквіча Аляксандра Іванова, які, вандруючы па Беларусі, паўтараў: “Не Расія!”

Здавалася б: такі рускі мароз, такая руская царква і зусім ужо “Рускае радыё” ў халодным аўтобусе “Каўнас-Мінск”, а не Расія, і ўсё тут. Можа тут і не тая Беларусь, пра якую мы марылі. Мо яна яшчэ не тая родная Беларусь, якую б мы хацелі пабачыць, але тут “Не Расія!”, гэта ўжо стоадсоткава і назаўжды.
Link10 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 15th, 2009|11:46 pm]
[Tags|]

2009. Ядзя і трыццаць італьянцаў

“Тата, у нас дома трыццыць італьянцаў…” – вясёлым голасам паведамляе дачка. “Толькі трыццаць?” – перапытваю ў Ядзі. “Можа і трыццаць пяць, я іх не лічыла! Яшчэ ў нас столькі ж не італьянцаў. Званю, каб расказаць табе смешнае пра аднаго ідыёта! Слухай… Я стаю каля барнай стойкі і разліваю напоі, а Эмануэле вялізным цесаком стругае свіны кумпяк. Я адказваю за выпіўку, Эмануэле закуску падае. Падыходзіць нейкі ідыёт і кажа… У вас тут на сценах карціны Глобуса вісяць! Я хітаю галавою і разліваю тэкілу па чарачках. Вы ведаеце, якая скаціна гэты Глобус? Каб вы ведалі якая ён скаціна, вы б ніколі не павесілі ў сваім доме ніводнай ягонай карціны! Ён, калі вучыўся ў акадэміі, хадзіў з нататнікам і запісваў усё і пра ўсіх! Ён запісваў кожны пачуты сказ, кожнае пачутае слова, а потым узяў і ўсё паназапісванае ўставіў у кнігу! Ну хіба прыстойны чалавек так робіць?.. Тата, бываюць жа на свеце такія ідыёты! Твар у мяне змяніўся так, што нават Эмануэле заўважыў. Ён у мяне пытаецца, што гаворыць гэты чалавек? Я пераказваю яму, па-італьянску зразумела, словы ідыёта. А-а-а! Крычыць Эмануэле! А-а-а! І ўзмахвае цесаком. Тут набеглі не італьянцы, пачалі выбачацца за ідыёта, якога хуценька вывелі з нашага дома. Ты не ведаеш, хто гэта такі?” – “Ядзь, з трыццаці пяці італьянцаў я ведаю толькі Эмануэле і ягонага сына! Астатніх я не бачу! Я ж на працы сяджу! Можа я нікога з іх не ведаю зусім…” – “Ведаеш, ведаеш ты іх! Тут табе прывітанне перадавалі Крыштаповіч і Дубінін! А хто такі Дубінін?” – “Ён у часопісе “Бярозка” мастаком працаваў, пасля Міхала Анемпадыстава. Зараз ён у Італіі працуе. Слухай, Ядзь, і асцярожна вы там з цесаком! Скажы Эмануэле, што я сказаў!”
Link10 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 14th, 2009|09:50 pm]
[Tags|]

2009-1933 Тата і падушка

Люблю сваю падушку. Часам, мне здаецца, што мая падушка жывая і разумная, і ў яе нават ёсць маленечкая душа. Жарт, зразумела. На чужых падушках я сплю кепска. Нават у шыкоўных гатэлях некалькі начэй даводзіцца прывыкаць да падушак. Адзіныя, на якіх мне спалася добра, былі падушкі бабы Броні ў нашай вясковай хаце з земляным токам замест падлогі. На тых вялікіх падушках мне спалася салодка і глыбока. Можа таму я ніколі не здіўляўся гісторыі, што днямі зноў згадала мама. Гісторыя тая пра тату і ягоных хросных бацькоў. Тата нарадзіўся позняй восенню, на Дзяды. У той год снег лёг рана. Таму дзіця, якому было толькі тыдзень, павезлі хрысціць на санях. Баба Броня спяшалася пахрысціць сына, бо баялася, што ён не выжыве і памрэ няхрышчаным. У Варакомшчыне такіх няхрышчаных дзяцей хавалі не на могілках, а на могліцах. Месца тое на беразе рэчкі Ятранкі я добра памятаю. Ніякіх капцоў і помнікаў на ім не было, адно выкладзеныя са скочак блякла-зялёныя крыжыкі на дзірване. Вясковыя кабеты, ідучы з працы, часам спыняліся і моўчкі стаялі на могліцах, згадваючы сваіх нехрышчоных дзяцей нябожчыкаў. Каб якія мужчыны стаялі на могліцах, я не бачыў. На могліцах было цяжка. Таму і спяшалася баба Броня, таму і паклала сына ў падушку, а падушку занесла на сані. Калі хросныя, ліха на іх, бо ўсю дарогу яны працалаваліся, прыехалі на царкоўны падворак, дык падушкі на возе не было. Давялося ім вяртацца. Падушка з дзіцёнкам, дзякаваць лёсу, знайшлася на скрыжаванні ў прыдарожным сумёце. Тату майго Чэся, хуценька пахрысцілі, і прывезлі з царквы дамоў. Ні баба Броня і дзед Ладзімер два гады нічога не ведалі пра згубленую падушку. А праз два гады хросны бацька майго таты сказаў бабе Броне: “Глядзі ты! Бегае твой Чэсік, вырас і бегае! Мы ж думалі, што не выжыве. Думалі, што застудзіўся і хутка памрэ. А ён, глядзі ты на яго, бегае…”
Link12 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 12th, 2009|05:03 pm]
[Tags|]

2009. Лісецкая з "беларусмі"

Цытата: "Прэс-сакратар кампаніі "Будзьма беларусмі!" Арына Лісецкая.". Вось табе і СМІ.
Link28 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 11th, 2009|12:14 pm]
[Tags|]

2009. Жонка і мароз

Жонка пашыла сабе новую сукенку. Глыбока-сіння, доўгая, ледзь не да смай падлогі, сукенка глядзіцца на жонцы ўрачыста. Такую сукенку можна апрануць хіба што на баль. Дык яна і шылася дзеля навагодняга балю ў Монтэ-Карла. Жонка разгульвае па кватэры ў бальнай сукенцы, у новых туфлях на высозных абцасах, і мы з ёй разважаем пра ўпрыгожванні. Да глыбока-сіняй тканіны вельмі пасуе італьянскае халаднавата-жоўтае золата. Лаўлю сябе на думцы, што ўпрыгожваю жонку так, нібыта яна – навагодняя ёлка. Зрэшты, што можа быць лепей за ўпрыгожванне святочнага дрэва? Жонка ляціць на бал у еўрапейскае княства, да прынцэс, якія будуць у яе фатаграфавацца, а я збіраюся паляцець у супрацьлеглы бок. У Ханты-Мансійску, адкуль я атрымаў запрашэнне, учора было трыццаць два градусы марозу.
Link2 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 10th, 2009|05:59 pm]
[Tags|]

2009. Квяткоўскі і трухлявасць

Ад справаздач тусоўкі БУДЗЬМА тхне пазалеташнасцю і абыякавасцю. Напэўна, адсутнасць вышэйшай адукацыі ў Севярына Квяткоўскага даецца ў знакі. І стараецца ён нібыта, і працуе быццам бы, а з БУДЗЬМА сыплецца адно нейкая пацяруха другаснасці. Юбілейную вечарыну БУДЗЬМА не выратавалі нават мае сябры, Вольскі з Вайцюшкевічам. Нават іх імпэт ня здоляў дадаць жыцця ў трухлявасць БУДЗЬМА.
Link166 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 10th, 2009|05:16 pm]
[Tags|]

1981(?). Вікця і хлеў

“Ты тут жывеш, як пані!” – кажа цётка Вікця маёй маці. “Чаму, як пані? Проста працую ў бібліятэцы…” – “Ніна, у вас тут не “Дом літаратараў”, у вас – палац!” – настойвае цётка Вікця. “Ніна, у вас тут усе па-беларуску гавораць?” – “Усе. Ці амаль усе… Гэта ж наша мова. Трэба каб на ёй у Беларусі паўсюль гаварылі”. – “Ніна, ты што? Як гэта паўсюль? Хай гавораць па-нашаму дзе заўгодна, толькі не ў касцёле!” – “Вікця! Чаму гэта ў касцёле нельга па-беларуску гаварыць?” – “А таму, што па-нашаму добра ў хляве са свінямі размаўляць. А да Бога трэба па-польску казаць! Мне так ксёндз гаварыў!” – “Вікця, ня мог так сказаць ксёндз! А калі і сказаў, дык ён памыляецца”. – “Нінка, ну хай не ксёндз, хай я сама табе тое кажу. У касцёле трэба па-польску і маліцца, і спяваць!” – “Вікця! Ты на мяне тут не крычы. І сварыцца я з табой ня буду. Хопіць, мы з табою ў Старой Рудзіцы насварыліся, калі разам кароў пасвілі! І скажу я табе так: у нашых касцёлах будуць маліцца і спяваць па-нашаму, а не па-чужынску! А па-пальску, калі табе так хочацца, можаш сваім свіням у сваім хляве пра нашае мінулае расказваць. Толькі ні ў цябе ні ў мяня даўно няма ні свіней ні хлявоў!”
Link16 comments|Leave a comment

(no subject) [Dec. 7th, 2009|07:31 pm]
[Tags|]

2009-1943 Мама і жоўтыя пацеркі

Маме маё споўнілася дзевяць гадоў. Жыла яна тады ў дзеда Яна, у вёсцы Старая Рудзіца. Дзед з’ездзіў на санях у мястэчка Койданава і прывёз сваёй любай унучачцы падарунак – жоўтыя пацеркі. Дзяўчынка цешылася тымі круглымі пацеркамі тыдзень, а потым схавала іх. Яна пакінула пацеркі ў дзедавай хаце, бо пабаялася браць іх з сабою ў дарогу. Прыйшла вестка, што немцы збіраюцца паліць Старую Рудзіцу. Карнікі намерыліся спаліць цэлую вёску, бо ў ёй партызан застрэліў паліцыянта. Людзі сышлі з вёскі, кто куды змог сысці ці з'ехаць у сярэдзіне морознага студзеня. Жанчыны нашай сям’і схаваліся ў сваякоў, у лясной вёсцы Масцішчы. Карнікі растралілі і спалілі ўсіх мужчын, якіх знайшлі ў Старой Рудзіцы. На пажарышчы нашага дома мама доўга шукала свае жоўтыя пацеркі. Ёй вельмі хацелася знайсці хоць бы адну, хоць бы самую маленечкую жоўтую пацерку з белымі прожылкамі. Не знайшла яна ніводнага шарыка. Колькі не поркалася, колькі не граблася ў чорным вуголлі, а так і не знайшла нічога. Шэсдзесят пяць гадоў мая мама ўсё згадвае жоўтыя пацеркі, падораныя ёй дзедам Янам у Старой Рудзіцы.
Link8 comments|Leave a comment

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]

Advertisement