| |
[Oct. 29th, 2008|09:25 am] |
Рублёў і цень
Візатыйская, а лепей сказаць, грэцкая школа хрысціянскага іканапісу, да якой, безумоўна, належаць і творы Андрэя Рублёва, каб намаляваць святых, малявала іх не з саміх людзей, як гэта рабіла школа рымска-каталіцкая, а малявала іх з чалавечых ценяў; таму абрысы праваслаўных святых такія мяккія, цякучыя і плаўныя, а постаці іх выцягнутыя, таму ў вобразах намаляваных Рублёвым ёсць лёгкасць, нават бязважкасць, якая характэрная для ценю, і якой няма ў рэчы. |
|
|
| |
[Sep. 22nd, 2008|05:28 pm] |
Велазкес і лялькі
Велазкес маляваў лялькі, а ў яго атрымліваліся людзі. Зазвычай, адбываецца надварот; мастак малюе людзей, а з пад ягонае рукі выходзяць лялькі. Усе ведаюць, што трэба рабіць так, я пісаў Велазкес, але ні ў кога так і блізка не атрымліваецца. |
|
|
| |
[Sep. 11th, 2008|09:47 pm] |
Хірасіга і дождж
На гравюрах японца Хірасіга ўсё нібыта выштукавана з бамбуку, нават дождж у яго бамбукавы. |
|
|
| |
[Sep. 3rd, 2008|10:12 pm] |
Аўгустын і спадзевы
Больш за паўтары тысячы гадоў назад Аўрэлій Аўгустын паспадзяваўся, што адзінай прыкметаю высакароднасці хутка стане веданне літаратуры. Спадзяюся і я. |
|
|
| |
[Aug. 28th, 2008|09:05 pm] |
z Басё і чужая незалежнасць
Як патлумачыць людзям, што народ, які дамогся незалежнай дзяржавы, варты павагі? Ніяк. Ледзяныя вятры імперскіх прапагандаў дзьмуць з чатырох бакоў. Яны так люта выюць у інфармацыйнай прасторы, што ніхто не чуе святочныя спевы абхазаў і асецінаў. Людзі, збольшага, жывуць праблемамі вялізарных дзяржаў-монстраў, які ганяюць па Чорным моры вайсковыя караблі. Мяне зразумее толькі той, хто перажываў прыніжэнне за сваю мову, культуру і нацыяльнасць. Можа такіх і не шмат, іх меншасць, але яны ёсць. У далёкай старажытнай Японіі пра паразуменне паэт пісаў так:
Восеньскі вецер! Мяне зразумее той, хто ў полі засне…
Той жа-ж Басё склаў верш на старым полі бітвы:
Летняя трава там, дзе зніклі ваяры, нібыта мроі… |
|
|
| |
[Aug. 22nd, 2008|09:35 am] |
z Ротка і быццё
У хвіліны адчаю варта пагадзіцца з Маркам Роткам, які казаў, што толькі мастацтва можа дапамагчы вытрываць жах і абсурднасць быцця. |
|
|
| |
[Aug. 7th, 2008|11:45 am] |
z Мур і Шабіб
Да мяне ў студыю завітаў арабскі прынц Шабіб. Ён сказаў, што мае пошукі ў жывапісу выбудоўваюцца на змешванні ідэй Пікаса і Батэра. Давялося прызнацца ў сваёй нелюбові да саладжавага Батэра і любові да брутальнага Мура, для якога ідэальнай формаю быў чэрап слана. Тут і высветлілася, што ў Шабіба было ажно дзве скульптуры Мура, але адну ён падараваў свайму лекару. |
|
|
| |
[Jul. 31st, 2008|04:31 pm] |

Адам Глобус "Адам Міцкевіч" 2001 год. Папера, туш 100х140 мм. |
|
|
| |
[Jul. 31st, 2008|09:58 am] |
z Хіменас і мора
“Лепш за мора толькі рэчка,” – сказаў паэт Хуан Рамон Хіменас. Сапраўды так. Рэчка больш беражлівая і значна дабрэйшая за мора. |
|
|
| |
[Jul. 4th, 2008|11:18 am] |
z Бар-Эбрая і людзі
У вясёлых аповядах асірыйца Бар-Эбрая, вядомага яшчэ як Абуль-Фарадж, прачытаў, як у аднаго мусульманскага правіцеля спыталі: “Якіх межаў дасягнуў твой розум?”. Правіцель адказаў: “Мой розум дасягнуў такіх межаў, што я не веру ніводнаму чалавеку і нікому не давяраю”. Адказ правіцеля цяжка назваць вясёлым, але рацыя ў ім, безумоўна, ёсць… Аднойчы, а распавядаў пра свае працоўныя планы гаспадару кафэ “Грунвальд” Александру Астрашэўскаму. “Ты верыш людзям?” – здзівіўся Александр. Я сумеўся і адказаў: “Не веру! Але ж часам, насуперак рацыі, усё яшчэ хочацца верыць”. |
|
|
| |
[Jun. 24th, 2008|09:38 am] |
z Феафраст і прысабечванне
Ёсць кнігі, якія пажадана мець ва ўласнай бібліятэцы, ці хоць бы мець іх тэкст у сваім перыватным кампутары. Але на гэтым жаданне мець не спатольваецца. Напрыклад: у мяне тры выдання кнігі Феафраста “Характары”, і тэкст у кампутары ёсць, але гэта ўсё рэчы агульнага карыстання, такія кнігі і тэксты ёсць у шмат каго, а гэта крыху трывожыць маю эгаістычную душу. Мне патрэбен свой персанальны Феафраст. Здаецца, што задача не вырашальная. Ды рашэнне знаходзіцца, я пераназываю Феафраста, я прыдумваю яму мянушку Тэахвост. У выглядзе Тэахвоста вялікі грэк мне значна бліжэй. |
|
|
| |
[May. 11th, 2008|10:02 pm] |
z Юнгер і радаслоўная
У 1956 годзе Эрнст Юнгер заўважыў: “…менш за ўсё падозранняў выклікае чалавек без якасцяў. Нельга дапусціць, каб цябе аднеслі да арыстакратаў, да памешчыкаў, капіталістаў, кулакоў, цаганоў, яўрэяў ці нават проста да гараджанаў. Таму сёння правадыры народных дзяржаў імкнуцца мець як мага больш нязначную радаслоўную”. Разважаючы ўслед за Юнгерам, варта сказаць, што толькі чалавек з малазначнай радаслоўнай можа выглядаць у вачах народа, як асоба ні ў чым не вінаватая і са спакойным сумленнем. |
|
|
| |
[May. 3rd, 2008|08:25 pm] |
 Адам Глобус "Партрэт Фіёны Данцы". Папера, змяшаная тэхніка, 13х19 см. 1985 год.
Рывароль і параклады
Француз Рывароль напісаў, немец Эрнст Юнгер пераклаў, а расеяц Кузніцын зрабіў пераклад з перакладу. Цяпер і я зраблю табе пераклад з расейскага тэкста… “Божа ўратуй Вас ад любові англічанкі!” Пераклад я занатоўваю, бо згадаў англічанку Фіёну Данцы, якая моцна-моцна любіла мяне. Карацей, Рыволь сказаў глупства. Часам, нават поўную дуроту перакладаюць шматкроць на шмат моў. Сумна, але праўда. І яшчэ, я думаю: ні пранцуза Рывароля, ні прусака Юнгера, ні расіяніна Кузніцына ніколі не кахала ніводная англічанка, а рухала імі ў час запісвання такой куртаценькай думкі сляпая імперская пыха. Калі ты не паверыш, і скажаш, што Рывароль выпадкова агаварыўся, дык я на такі выпадак пераклаў яшчэ адзін ягоны сказ: “Англічанкі цудоўныя, але ў іх дзьве рукі – і абедзьве левыя!” І хай усе таленавітыя леваручкі на чале з Леанарда да Вінчы пасьмяюцца над рываролямі, і добрым словам згадаюць маю Фіёну. |
|
|
| |
[May. 3rd, 2008|02:59 pm] |
Маякоўскі і выставы
Заангажаваны ў пралетарскую рэвалюцыю паэт-гарлапан Маякоўскі зладзіў выставу “20 гадоў у страі”. Крамлёўскае начальства на выставу не прыйшло, і расейскі вогнепальна-чырвоны футурыст моцна праз гэта пераймаўся. Даследчыкі нават залічваюць тое перажыванне Маякоўскага ў нагоды ягонага самагубства. Як мне, якому прысутнасць начальства на выставах да высокага ліхтара, той вопыт Маякоўскага карысны іншым. Мне падабаецца пазначэнне часу ў назве справаздачнай выставы. Калі я ўсё ж збяруся рабіць уласную выставу, дык назва будзе накшталт такой “30 гадоў у ложку з бабамі”. |
|
|
| |
[Apr. 15th, 2008|10:24 am] |
Македонскі і вера
Александр Македонскі перамог цара Дарыя і захапіў Персію. Ад нечуванага поспеху галава Аляксандра пайшла кругам, ён паверыў у сваю боскую прыроду і запатрабаваў, каб эліны абвясцілі яго богам. На дзікунскі загад цара быў зроблены разумны водгук у выглядзе пастановы: “Калі Аляксандру трэба быць богам, хай будзе”. |
|
|
| |
[Mar. 26th, 2008|02:33 pm] |
z Сенэка і вогненная стыхія
Луцый Анэй Сенэка вучыў-вучыў Нерона, як абыходзіцца з запалкамі, ды так і не вывучыў. |
|
|
| |
[Mar. 23rd, 2008|10:28 am] |
z Сакрат і выява зямнога круга
Эліян апісаў гісторыю размовы Сакрата з Алківіядам пра зямлю… Сакрат, заўважыўшы, што Алківіяд выхваляецца сваім багаццем, асабліва землямі, якія яму належылі, павёў яго туды, дзе ў Афінах захоўвалася карціна з выяваю ўсяго круга зямнога, і прапанаваў знайсці Атыку. Калі ж юнак знайшоў, Сакрат папрасіў адшукаць свае ўладанні, а на словы Алківіяда: “Іх тут наогул няма” – сказаў: “Глядзі, ты ганарышся тым, што не складае і самай малой часткі зямлі”. Ні Алківіяд, ні Эліян не паспрабавалі аспрэчыць Сакрата, не збіраюся і я спрачацца з мудрым грэкам, але ў мяне з’явілася жаданне прапанаваць Сакрату паглядзець на землі Алківіяда праз мікраскоп. |
|
|
| |
[Mar. 22nd, 2008|10:18 am] |
z Прынцып і вайна
Першая сусветная бойня распачалася з правінцыйнай трагедыі. У Сараеве гімназіст забіў эрц-герцага Франца Фердынанда і ягоную жонку. Тэрарыстычная акцыя сербскага нацыяналіста зрушыла з месца арміі розных імперыяў і краін. Гісторыя той вайны вядомая, бо колькасцю ўдзельнікаў і ахвяраў яна пераўзышла ўсе папярэднія бойні. Раней, чытаючы падручнікі і кнігі па гісторыі, я чамусці не звяртаў увагу на прозвішча гімназіста, а звалі яго Гаўрыло Прынцып. Так-так… Сусветная вайна распачалася з прынцыповасці гімназіста Прынцыпа. |
|
|
| |
[Mar. 21st, 2008|11:31 am] |
z Паліклет і натоўп
Існуе легенда пра сульптара Паліклета, які ізваяў дзве статуі, якія паказвалі адно і тое ж; адну па густах натоўпу, другую па законах мастацтва. Першую ён рабіў так: па жаданню кожнага, хто заходзіў у майстэрню, Паліклет паслухмяна ўносіў у твор змены і папраўкі. Нарэшце ён выставіў абедзве скульптуры на ўсеагульны прагляд. Адна статуя выклікала захапленне, другую людзі зганілі. Тады Паліклет сказаў: “Статую, якую вы ганіце, зрабілі вы, а тую, якой захапляецеся, – я”. Гэтую легенду варта памятаць, калі слухаеш стракатыя меркаванні натоўпу, як пра скульптуры ды архітэктурныя пабудовы, так і пра буйныя палітычныя фігуры. |
|
|
| |
[Mar. 18th, 2008|09:53 am] |
z Эліан і харчаванне
Адна з самых прыбытковых галін у маёй выдавецкай справе – зборнікі кулінарных рэцэптаў. Больш за трыста найменняў такіх кніжак я падрыхтаваў і выдаў. Даводзіцца ўважліва сачыць за тэндэнцыямі ў кухарскай справе. Мяне нават захапляе тэма харчавання. Але мяне непакоіць колькасць таўстуноў на вуліцах. Іх усё болей і болей. Апошнім часам з’явілася шмат тоўстых кітайцаў, але ім, відавочна, яшчэ далёка да таўстуноў амерыканскіх. Грамадзяне менавіта гэтых імперыяў вылучаюцца сваёю непатрэбнай тлустасцю і залішняй вагою. Напэўна надыходзіць час, калі варта падумаць не толькі пра абмежаванні звязаныя алкаголем і тытунём, але і пра абмежаванні на прадукты харчавання. Прыклад такога рэгулявання апісаны сафістам Эліанам: “У спартанцаў і рымлянаў быў аднолькавы закон, акі абмяжоўваў набыццё харчоў і тычыўся ён як якасці, так і колькасці прадуктаў. Тож бо спартанцы і рымляне патрабавалі, каб грамадзяне ва ўсім, а ў ежы асабліва, прытрымліваліся разумных межаў”. Дактары і святары спрабуюць хоць неяк паўплываць на бязладнае харчаванне, але гэта ў іх атрымліваецца кепска, бо гіперкрамы зрабіліся больш уплывовымі ўстановамі за храмы і бальніцы, што зусім і не цешыць. |
|
|