Вы праглядаеце журнал [info]adam_hlobus

Адам Глобус - [entries|archive|friends|userinfo]
Адам Глобус

[ website | Facebook-hlobus ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

[Жнв. 2, 2010|03:23 pm]
Папярэдні запіс Дадаць да запамінаў Share Наступны запіс
[Tags|]

Z Яблыкі з Камароўкі

Апавяданне

Калі табе ў Менску зробіцца млосна і цяжка, схадзі на Камароўку. Я так і раблю. Там ёсць сакавітасць жыцця, слодыч цяперашняга імгнення, пругкасць, сіла і водар будычыні. Там такія жанчыны… Ёсць жанчыны-яблыкі, а ёсць жанчыны-грушы, а ёсць і залатыя грушы салодкія, як тыя жанчыны.

Яблыкамі і грушамі я люблю ўпрыгожваць сваё мастакоўскае атэлье. Нехта ўпрыгожвае жытло кветкамі, нехта любіць каб інтэр’ер напаўнялі творы мастацтва, а я люблю, каб у мяне ў майстэрні была свежая садавіна.

Каб кветкі можна было есці, я б упрыгожваў майстэрню кветкамі, але як ты з’ясі гладыёлус? Хіба ператворышся ў казачнага героя, які харчуецца выключна белымі гладыёлусамі. Такі казачны Глёбус з белым гладыёлусам на срэбным сподзе… Але казка казкаю, а жыццё жыццём.

Камароўка – тое месца ў горадзе, дзе казачнасць амаль выходзіць на паверхню рэальнасці. Прынамсі менавіта на Камароўцы збіраюцца самыя жывыя і зыркія колеры. Там самая казачная каляровасць, самы каляровы свет… У Менску толькі на Камароўцы можна ўбачыць водбліскі з райскага саду, таго праўдзіва райскага з Адамам і Ёваю, з дрэвам ведаў пра дабро і зло, з анёлам , які вынайшаў меч…

Там, на Камароўцы, я бачу і сваё далёкае дзяцінства, калі цэлую сыботу я з дзедам Бронікам збіраў белыя і чырвоныя парэчкі. Мы іх збіралі вельмі акуратна, і асцярожна складалі ў кашы. Тыя кашы ставіліся ў люльку матацыкла К-750, на якім мы ехалі з Койданава ў Менск, дзе на Камароўцы я тую парэчку прадаваў па 15 капеяк за шклянку. Я крыху пабойваўся, што мяне – другакласніка 73 менскай школы – пабачыць наша настаўніца Ганна Іванаўна Соладава. Што яна спытае, чаму гэта я тут стаю за прылаўкам са шклянкамі белых і чырвоных парэчак? Сустракацца і гаварыць з настаўніцаю мне зусім не хацелася, таму я апускаў кошт да 12 капеяк і хуценька распрадаваў свае кашы. Вядома, за апусканне коштаў на парэчку можна было і па галаве атрымаць, ад якой злыдушнай цёткі-гандляркі, але я не атрымліваў кухталёў за сваю ініцыятыву, бо малы, бо стаяць за прылаўкам цяжка, бо камароўскім цёткам гандляркам я падабаўся.

Я і цяпер падабаюся камароўскім прадавачкам. Схадзіў жа і праверыў. Падабаюся! І яны мне падабаюцца і падабаліся заўжды!

У Камароўкі ёсць адна цікавая здатнасць, яна ўвесь час змяняецца ў лепшы бок. Звычайна месцы, людзі, рэчы мяняюцца ў горшы бок. Старэюць, псуюцца, ломяцца, руйнуюцца, а Камароўка штонядзелю ўваскрасае па-сапраўднаму, і красуе, і зіхаціць…

Камароўка цешыць мяне, і цябе – спадзяюся, сваімі яблыкамі.
СпасылкаАдказаць

Comments:
[User Picture]From: [info]punk72
2010-08-02 11:34 am (UTC)

(Link)

гэта правільна пачынаць бітву з добрай ежы))
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-02 11:39 am (UTC)

(Link)

Так і мусіла ўсё пачынацца, але пачалося крыху інакш )))
Зрэшты, большасць памылак у гэтым свеце можна выправіць )))
[User Picture]From: [info]pyxnaxpox
2010-08-02 04:19 pm (UTC)

Re: БІТВА БЛОГЕРАЎ 2010

(Link)

звычайна, калі табе падабаецца, так і ты падабаесьсі (гэта я пра твае ўзаемаадносіны з гандляркамі на Камароўцы) ;))
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-02 05:29 pm (UTC)

Re: БІТВА БЛОГЕРАЎ 2010

(Link)

Каханне бывае толькі ўзаемнае, ну і любоў таксама ))) Каська любіла гэта паўтараць! Наша Каська... Даўно не бачыў ((( А ты?
[User Picture]From: [info]peresvit
2010-08-02 05:29 pm (UTC)

(Link)

адчуваю сакавітасць жыцця)
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-02 05:32 pm (UTC)

(Link)

У нас парнасць, плюс трыццаць, цяплынь намацальная і людзі амаль голыя )))
[User Picture]From: [info]alenakropka
2010-08-03 07:27 am (UTC)

камэнтар

(Link)

Я люблю Камароўку і Чэрвеньскі, бо яшчэ на першым курсе, як толькі пачала жыць у інтэранце і жорстка працавала, прыходзіла каб там мне пакрычалі і падыхаць. Там людзі куплялі падукты дадому,на абед, для любімых, і ў мяне таксама нараджалася адчуванне дома, куды патрапіць я не магла, бо кожны дзень быў - спаборніцтва, інельга было саступіць...
Хаджу на кірмаш за настроем: калі там купляю бульбу, жанчыны кажуць, што я ў іх заўжды бяру і мая рука лёгкая, а я не памятаю, калі ў каго бяру,і бываю мала, бо 2 кг бульбы мне хапае тыдні на 3:)
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-03 09:17 am (UTC)

Re: камэнтар

(Link)

Так і не напісаў ні разу нацюрморт з бульбаю... Нібыта я не беларускі мастак! ((( Трэба будзе напісаць... )))
[User Picture]From: [info]alenakropka
2010-08-04 05:27 pm (UTC)

Re: камэнтар

(Link)

Напішыце лепш жанчын, што прадаюць яе - такія шчырыя. А мова якая - трапная, радасная.[усё,вырашана - заўтра пайду за памідорамі ўзапас]
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-04 07:19 pm (UTC)

Re: камэнтар

(Link)

Жанчын, якія збіраюць і садзяць бульбу я сто разоў маляваў ))) А бульбу без жанчын не маляваў )))
[User Picture]From: [info]annabrabus
2010-08-03 07:36 am (UTC)

(Link)

выдатнае апавяданне!
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2010-08-03 09:14 am (UTC)

(Link)

Дзякуй... Буду далей апавяданні пісаць )))
[User Picture]From: [info]alice_waits
2011-01-20 08:09 am (UTC)

(Link)

Спадар Уладзiмер! Калi у вас яблыкi як смачная дэкарацыя, дык у мяне адразу пытаньне: куды вы агрызкi хаваеце, калi пад час работы раптам яблык з'ядзiце? А то яблыкi прыгожые, але надта смачные (прынамсi я на яблыка не магу спакойна глядзець, каб ня зьесьцi). А агрызкi непрыгожыя, але за кожным ня пойдзеш да сьметнiку, калi праца добра iдзе :)
[User Picture]From: [info]adam_hlobus
2011-01-20 02:13 pm (UTC)

(Link)

Я пайду да сметніцы , я люблю рухацца, я шмат рухаюся, калі малюю )))