| Comments: |
дык, все ж понятно. ну, почти) как могли ЖЖ обозвать женским журналом?! произвол!
а што вы хаваеце ў шафе?!
4 ШАФЫ
2008. Брат і шафа
Набыў сабе ў студыю чырвоную шафу. Змястоўная такая шафа з зашклёнымі дзверцамі. Даўно хацеў займець кніжную шафу для складання ўласных рукапісаў і малюнкаў. Трэба тыя паперы паўпарадкаваць, а то яны валяюцца па розных кутках. Цяперака я паціху-патроху ўсе свае крамзолі паскладаю ў нова-чырвоную шафу. Брат мне дапамог гэтую студыйную абнову сабраць і сашрубаваць. Пакуль мы збіралі шафу пабіўся шкляны часопісны столік. І не шкада… Выкінуць цэлы столік рукі не падымаліся, а пабіты занёсся на сметнік з радасным настроаем. Брат крыху пераймаўся хруснутым столікам, а я толькі пацешыўся. Не люблю часопісныя столікі. Я шмат якую мэблю недалюбліваю, але часопісныя столікі выклікаюць ажно грэблівасць. А чырвоную шафу я палюбіў адразу. Часам у яе шкляных дзверцах з’яўляецца адлюстраванне чалавека, падобнага да мяне, і робіцца не так самотна ў мастакоўскім атэлье.
1961. Мядзведзевы і светлая шафа
З шафамі ў мяне заўсёды былі своеасаблівыя, можна сказаць, інтымныя ўзаемаадносіны. Адзін з першых дзіцячых успамінаў знітаваны менавіта з новай шафаю, якую набылі суседзі Мядзведзевы. У тыя часы куплянне шафы было падзеяю значнай, большасць нашых знаёмых абыходзілася этажэркамі ды пачапельнікамі ў перадпакоях. А тут у двор прыехала на грузавіку светлая шафа. Мужчыны занеслі яе на пяты паверх. Жанчыны яе гладзілі і хвалілі. Яны ледзь не цалавалі яе – самую новую і самую чыстую шафу ў нашым трохпад’ездавым доме. Калі ты думаеш, што я перабольшваю з пацалункамі шафы, дык моцна памыляешся. Бо якраз гэтыя пагладжванні ды прыцісканні да шафы шчочкамі і падштурхнулі мяне да думкі, каб шафу зрабіць яшчэ прыгажэйшай. А ўся жаночая рукатворная прыгажосць бачылася мне ў аптымістычна-чырвонай хімічнай памадзе, якой нафарбоўваліся вусны. Менавіта хімічнай памадай я і расфарбаваў шафу. Колькі мог дастаць з падлогі, столькі і зафарбаваў. Якая была святочная шафа! Як яна гарэла! Вочы не адвядзеш. І рукі мае сталі святочна-чырвонымі. Пабілі мяне за тое мастацтва скураным татавым пасам. Сяброўку маю, раўналетку Мядзведзеву, таксама адлупцавалі за саўдзел у мастацкім праекце. Жанчыны, канешне, паспрабавалі шафу адмыць, толькі нічога ў іх не атрымалася. Памада ўелася ў светлае дрэва глыбока і назаўсёды, як і ў маю памяць уеўся ўспамін пра хімічную чырвань на светлай шафе.
1986. Маркава і чароўная шафа
Геніяльная перакладчыца старажытнаяпонскіх вершаў на сучасную рускую мову паказала сваю чароўную шафу. Яна падвяла мяне да зашклёных паліцаў, шчыльна застаўленых кніжкамі, і прашаптала: “Што скажаш нам, мая чароўная шафа?” Шафа ціха рыпнула дзверцамі, калі адчынялася. “Шафа прапануе табе прачытаць фацэціі Поджа Брачаліні, напісаныя ў эпоху ранняга Адраджэння. У маёй шафы ёсць толькі французская версія гэтай кніжкі доксаграфічных анекдотаў, напоўненых іранічным эратызмам…” Я не стаў спрачацца з чароўнай шафаю. Няведанне французскай мовы не спыніла мяне, кнігу я забраў. Я паспадзяваўся, што мой сябра Алесь Асташонак дапаможа раскрыць таямніцу Брачаліні; з ягоным веданнем моваў прачытаць і пераказаць мне некалькі навелак не склала б аніякай цяжкасці. Але парыжскаму выданню Брачаліні ў Мінску не пашанцавала, Асташонак яго згубіў. Ён згубіў яго незваротна. Страта кнігі, падараванай чароўнай шафаю, прымусіла мяне адшукаць рускую версію фацэціяў выдавецтва Academia, зробленую Джывелегавым у далёкім 1934 годзе. Я прачытаў Брачаліні і пераканаўся, што сувязь часоў не перарвалася. Чароўная шафа выдала мне выдатны ўзор для вывучэння і пераймання. Канешне, ты можаш сказаць, што гэта ўсё зрабіла Вера Маркава, а ў чароўнасць шафы, якая стаяла ў доме кампазітараў на маскоўскай вуліцы Готвальда, ты не верыш. Кажы так, але ўсё адно я застануся пры сваім алагічным меркаванні пра чароўную шафу.
1962. Баба Ядзя і шафа з ружаю
У койданаўскім доме маёй бабы Ядзі стаяла шафа, зробленая майстрам Нарко. Ён прымаў і выконваў замовы на розную мэблю, мог буфет выштукаваць і трумо зварганіць. У нашым доме былі дзве рэчы ад Нарко: шафа і буфет, а ў іх меліся дзверцы з зашклёнымі акенцамі, а за акенцамі віселі маленечкія белыя фіранкі з вышытымі крыжыкам чырвонымі ружамі. Баба Ядзя сама тыя ружы вышывала. Буфет стаяў у пакоі, дзе была печ, а шафу паставілі ў спачывальні. Перад сном я падоўгу глядзеў на акенца з ружаю. За тым акенцам была палічка з самымі важнымі рэчамі ў бабіным доме. Там ляжалі дакументы і грошы, а яшчэ там стаяла талерачка з чыстай капэртаю, а ў той капэрце хаваліся аплаткі ружовыя і белыя. Бывалі дні, калі баба Ядзя падводзіла мяне да шафы і казала, што сягоння трэба з’есці кавалачак аплаткі. Яна не тлумачыла, чаму менавіта ў той ці іншы дзень трэба з’есці аплатку, а я не пытаўся. Ёсць рэчы, пра якія не трэба пытацца. Прыйдзе час, і ты сам усё зразумееш, а як не прыйдзе такі час, дык, значыць, і не трэба табе таго ведаць і разумець. Цяпер, калі маці на свята разломлівае аплатку, мне згадваецца вышытая крыжыкам ружа за шклом шафы, зробленай майстрам Нарко з нашага мястэчка Койданава.
Это одна из лучших вещей, которые может порекламировать данный журнал.
Толькі вось доўгатэрміновых узаемаадносінаў у нас не склалася. Не лёс. Разныя светагляды.
Вот и славно. Этому журналу недолго осталось, а Вы нас еще порадуете. | |