| Вільня |
[Тра. 28, 2012|09:31 am] |
На фоне светлай і чыстай віленскай сцяны... Вачыма жонкі...
 |
|
|
| беларускія твары |
[Тра. 28, 2012|09:29 am] |
Шакаладніца
Апошнімі наездамі ў Вільню я палудную ў невялічкай сталоўцы “Пані Лайма”. Гатуюць там па-хатняму, абслугоўваюць ветліва, наведнікі ціхамірныя. Акром уласна сталоўкі палова памяшкання займаецца кандытэрыяй. Урачыстыя торты, маленечкія цукерачкі на срэбных сподах, пірожныя ў зашклёных вітрынах спакушаюць салодкалюбаў. Назіраць за аматарамі шакалада цікава… Заходзіць дзяўчынка гадоў 15-16. Уся такая круглая, уся такая напампаваная радасцямі быцця, уся – жаданне. З’ела яна па-хуткаму высокую шклянку ўзбітых вяршкоў з ківі ды апельсінам, падыйшла да вітрыны з цукеркамі ўздыхнула і застагнала. Яна застагнала так, нібыта атрымала аргазм. Пакуль я палуднаваў дзяўчына неадрыўна глядзела на шакалад. Яна глядзела на бліскучы шакалад, як… на Бога! Круглую дзяўчыну Шакаладніцу я сустрэў яшчэ раз на вуліцы, недзе праз гадзіну. Яна выходзіла з дзвярэй мастацкай школы. Дзяўчына мяне пазнала, пачырванела і адвярнулася, нібыта заспеў яе за нечым кепскім, брыдкім і грэшным. |
|
|
| Вільня |
[Тра. 27, 2012|08:21 pm] |
Я ў віленскай кавярні на праспекце Гедэміна... Вачыма жонкі...
 |
|
|
| занатоўка |
[Тра. 27, 2012|10:05 am] |
Пра параметры Еўропы
Для пэўных асоб шчасце Еўропы пачынаецца ў Парыжы і заканчваецца ў Вене. Для іншых яно магчыма ў Празе і нават у Варшаве. Ёсць і такія маргіналы, хто залічвае ў Еўропу нават Санкт-Пецербург; я якраз з апошніх. |
|
|
| занатоўка |
[Тра. 27, 2012|10:05 am] |
Эвалюцыя Бога
У дзікуноў багі – дзікуны, у варвара за Бога працуе дэман, а ў цывілізаванага чалавека Яго няма зусім. |
|
|
| сУчаснікі |
[Тра. 27, 2012|09:33 am] |
2005-… Папулы і рай
Папулы – токое ў іх было прозвішча. Яго пасля нараджэння ў Краснадары адразу і запісалі, як Папулу; а яна ў Сочы нарадзілася і да вяселля прахадзіла Сахарцавай. Яшчэ да жанідзьбы маладыя задумалі паехаць на Поўнач, у горад Апаціты, каб там зарабіць доўгі рубель. На той рубель марылі набыць дамок каля мора. Невялічкі, беласценны дамок з садам на тры вішні. Так Папулы ўяўлялі сабе рай. За свой рай яны трыццаць гадоў прапрацавалі на шкоднай вытворчасці. Заробленага ледзь хапіла на дамок у станіцы, пад Краснадарам. Папула-муж у тым дамку і год не пражыў, памёр. Папула-жонка пражыла крыху болей, але не на шмат. Апошнім часам ёй снілася маладосць, якая праляцела каля Чорнага мора ў партовым горадзе Сочы. Папулы – мае далёкія сваякі; калі іх згадваю, думаю, што большасць з людзей не жыве, а толькі збіраецца жыць. |
|
|
| фота |
[Тра. 26, 2012|10:04 pm] |
Жонка ў Вільні п'е віно...
 |
|
|
| грэгерыя |
[Тра. 26, 2012|10:40 am] |
*
Рапсавая чысціня беларускіх краявідаў... |
|
|
| школа |
[Тра. 26, 2012|10:31 am] |
2012. Іра і праклёны
Кранеш якую тэму, і пачынаюцца нечаканасці... У мяне так заўжды. Пачаў пісаць пра школу, і адзін за другім паўстаюць на маіх дарогах аднакласнікі. Стаю сабе на праспекце Незалежнасці, тут падыходзіць нейкая старая і кажа: “Адамчык, ты бачыш у небе бляск?” Пачынаю ўзірацца… Не ў неба, у старую ўзіраюся, і бачу пачварны варыянт маёй аднакласніцы Іркі Альгертовіч. “Адамчык, ты бачыш самалёт?” – “Які самалёт, Іра? Які самалёт? Нафіг мне гэты самалёт?” – “Блішчыць! Побач месяц, ледзь заўважны… Ты паглядзі!” Паглядзі-паглядзі, бляха-муха… Паглядзеў… У яе ў роце, за густа намазанымі ружовымі губамі ад зубоў засталося толькі некалькі гнілых пракураных пянькоў. “Я тут бывае сяджу на алейцы. Ты памятаеш, тут сядзелі хіпі, мае сябры – Князь, Нагіш, Шыма?” – “Помню. А ты зараз дзе? У нас на раёне? Бачыш каго з класа?” – “На раёне. Бачу. Каго ўбачу, усе цябе праклінаюць, за панапісванае пра нас. Крыўдзяцца, бо ты пішаш няпраўду…” – “І ты крыўдзішся?” – “Я? Не…” – “Скажы, тым хто крыўдзіцца, што прыеду на раён, сустрэну і адпізджу. Так і скажы. Нехуй крыўдзіцца на праўду…” – “Ты напісаў, што нашага Колю Панасюгу павесілі каля чыгункі, а яго павесілі ў лесе. Забілі і павесілі ў лесе…” – “Ты там была? Мне сказалі, што яго павесілі недзе паміж Радыятарным і Масюкоўшчынай, на нейкім завадскім плоце. Можа і каля лесапаласы? Дакладней не скажу. І Сярожа Навуменка не скажа, бо ўтануў. Мне Лялькоўскі сказаў, што Навуменка ўтапіўся…” – “Твой Лялькоўскі звар’яцеў. Ходзіць па раёне, як вар’ят. Трасе нейкімі раменчыкамі для сабак… Навуменку шкада”. Ірка казала праўду. Апошні раз я бачыў Лялькоўскага п’яным і з гэткімі ж сабачымі раменчыкамі ў руках. Ірка зноў пачала паказваць на неба. На правай руцэ на трох пальцах у яе чарнелі плямы ад тытунёвай смалы. Мне зрабілася млосна, і я развітаўся з Іркай Альгертовіч і яе непамернай сракай, самай шырокай ў нашым класе. |
|
|
| невялікае |
[Тра. 26, 2012|09:29 am] |
Чаран і праявы
На думку Эміля Чарана: “Рэвалюцыі сутнасць ВЫШЭЙШАЯ ПРАЯВА кепскай літаратуры”. Пэўна, калі паверыць таму ж Чарану, сутнасць вайны – вышэйшая праява літаратуры добрай. Для мяне ўсё – роўна наадварот, бо кепскае я звязваю з войнамі; а эвалюцыйныя працэсы, як бачу, ідуць рэвалюцыйнымі шляхамі. Варта пагадзіцца з Чаранам у тым, што кожны народ здатны здзейсніць толькі адну рэвалюцыю. Наша беларуская рэвалюцыя адбылася ў 1991 годзе. |
|
|
| Дакумент: Мікалай Адамчык, Мінск 1982 год |
[Тра. 26, 2012|09:27 am] |
Нагледжаны здымак
Ёсць здымкі зробленыя для каханка. Ёсць фота для сябе. Ёсць кадры, што фатаграфаваліся на памяць пра падзею. Шмат розных ёсць, але самыя кранальныя са здымкаў – святочна апранутыя дзеці знятыя ў студыі для сваіх дзядуль і бабуль. Такі здымак пяцігадовага сына Мікалая я знайшоў у архіве цесця нябожчыка. Пачаў разглядаць і адчуў прысутнасць цесця і цешчы. Здымак быў нагледжаны. Бываюць намоленыя месцы і абразы, а бывае і нагледжаны здымак.
 |
|
|
| сУчаснікі |
[Тра. 25, 2012|08:50 pm] |
1988. Вялюгін і горыч жыцця
Паэт Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, на якога Грыша Барадулін называў “Алкаголь Стаканавіч Сталінюгін”, любіў узяць чарку. Вясною Вялюгін выпіваў на дачы, што стаяла на Лысай Гары. Аднойчы ён піў з Нехаём. Гарэлкі прывезлі, а пра закуску забыліся. Давялося закусваць горкую тым, што толькі паўзыходзіла на градах. Пілі ўвечары і ўночы пілі, заснулі адно пад раніцу. Толькі заснулі, тут жонка Вялюгіна з лямантам у хату ўвалілася: “Нашто вы нарцызы з клумбы павыдзіралі?” Няхай засмяяўся і сказаў, што ён увесь вечар не мог зразумець чаму цыбуля такая горкая. Анатоль Вялюгін прамаўчаў. |
|
|
| занатоўка |
[Тра. 25, 2012|06:36 pm] |
Чыноўнікі і народ
Пра агульнанародныя справы, памкненні, нягоды кажуць чыноўнікі, якім, як паветра, патрэбны міф пра агульнадзяржаўны народ. |
|
|
| Вільня |
[Тра. 25, 2012|10:02 am] |
Краявіды і аўто
Нішто і ніхто так моцна не псуе краявіды нашай старой Вільні, як танныя, мурзатыя, смярдзючыя легкавічкі. |
|
|
| Вільня |
[Тра. 25, 2012|10:00 am] |
Званы і Бог
Прыслухаўся да густога касцёльнага звана, які біў на невысокай баракальнай званіцы, і задумаўся пра Бога. Не веру! Але ж задумваюся, як гэтым разам у Вільні. Чуючы звон у Мінску, я пра Бога не задумваюся, няма калі, думаю толькі пра дакладны час. |
|
|
| кнігі |
[Тра. 22, 2012|02:46 pm] |
Выйшаў сігнал маёй новай кнігі, да папярэдніх тамоў "ТЭКСТЫ", "СШЫТКІ", "ЛІТАРЫ", "CONVOLUTUS" дадаўся пяты том "СКАЗЫ".
 |
|
|
| школа |
[Тра. 22, 2012|09:43 am] |
Макулатура і металалом
Штовясну мы – школьнікі – збіралі макулатуру і металалом. Старыя кнігі, газеты, часопісы складаліся ў распраналку каля спортзалі. Макулатуры мы нацягвалі цэлы пакой, пад самую столь. Іржавае жалеза кідалася проста на асфальт за школаю, пад высокімі вокнамі той жа спортзалі. Не ведаю як дзе ў іншых школах, а мы насілі метал і паперу з азартнай радасцю. |
|
|
| занатоўка |
[Тра. 22, 2012|09:41 am] |
2012. Іван Бяляеў і скарбонка
На Паўночных могілках у Мінску прах Івана Барысавіча мы падхавалі ў магілу ягонага сына Ўладзіміра, туды ж, куды падхоўвалі і прах Яўгеніі Ўладзіміраўны Бяляевай. Пахаванне невялічкай драўлянай скарбонкі выглядае крыху па-дзіцячы, нагадвае гульню ў “сакрэт”, пад час якой ты хаваеш пад шкло пялёсткі кветак і цукерачныя абгорткі. Падхаванне прайшло хутка. |
|
|
| беларускія твары |
[Тра. 21, 2012|07:18 pm] |
Воін
Калі ў цябе – беларуса – ёсць кропля татарскай крыві, калі ты адчуваеш сябе воінам, калі твае прашчуры насілі ханскае прозвішча кшталту Шайбак – сад у квецені, тады ты разумеш, што трэба рухацца супраць гадзіннікавай стрэлкі. Трэба ісці правым плячом наперад. Бо правая рука мацнейшая, бо левая нага слабейшая, бо так ты абароніш сваё сэрца. Ты разаб’еш правую руку, тваё правае вока закаламуціцца, ты шматкроць падкруціш правую нагу, але ты захаваеш сэрца і здатнасць рухацца наперад, здатнасць змагацца і здатнасць перамагаць. Так – супраць гадзіннікавай стрэлкі, вакол дома з каменем Кааба, у Меке рухаюцца міліёны воінаў, так яны здзяйсняюць рытуал Таваф. Яны правільна рухаюцца супраць плыні часу, супраць плыні жыцця, супраць плыні… Ты – воін, ты ідзеш правым плячом наперад, і твой пуп зносіць на левы бок. Ты – беларус, воін і пераможца. |
|
|